Модуль

7

Вяршэнства права

~ 6 хвілін

Прынцыпы

Мы часта карыстаемся паняццем «еўрапейскія каштоўнасці». А што канкрэтна мы маем на ўвазе? Рада Еўропы, напрыклад, з самага пачатку была пабудавана на трох асноўных стаўпах  —  вяршэнства права, павага да правоў чалавека і плюралістычная дэмакратыя. Менавіта, не эканоміка, не капіталізм, не манархіі альбо прэзідэнцкія рэспублікі, а вось гэтыя тры значныя фактары.

А каб даведацца больш пра базавыя асновы дэмакратыі, прапаную прайсці адукацыйны курс на сайце vybar.org.

Вяршэнства права — гэта канцэпцыя, у адпаведнасці з якой усё ў грамадстве, у дзяржаве падпарадкоўваецца праву

Права задае ўсе параметры жыцця грамадства, усе межы, у якіх можа аперыраваць дзяржава і яе органы, замацоўвае правы чалавека і грамадства.

Права ў гэтай канцэпцыі з'яўляецца самастойнай каштоўнасцю, належыць грамадству і служыцьі развіццю і эфектыўнаму суіснаванню грамадства.

Гэта амаль поўная супрацьлегласць ролі і функцыям права ў таталітарных і дыктатарскіх краінах. У дыктатарскіх краінах права падпарадкавана волі і пажаданням дыктатуры, выкарыстоўваецца, каб кіраваць грамадствам і людзьмі.  Каб падрабязней даведацца чаму пры дэмакратыі Воля народа павінна быць асновай для ўлады ўрада можна паглядзець модуль першы на бясплатным адукацыйным курсе на сайце "Справа Выбару".

У дыктатарскіх рэжымах прынцыпы вяршэнства права абмяжоўваюцца толькі двума канцэптамі:

На ўсе дзеянні дзяржавы павінен быць закон і гэтага дастаткова, каб казаць аб законнасці тых ці іншых дзеянняў.

Па-другое — паняцце «вяршэнства права» адносіцца выключна да іерархіі нарматыўных актаў — загад міністэрства павінен адпавядаць пастанове Савета Міністраў, пастанова Савета Міністраў — законам, закон — Канстытуцыі.

Пры гэтым у грамадства няма ніякіх дзейных механізмаў уплываць на праверку такой адпаведнасці, таму што дзяржаўнаму апарату належаць усе механізмы стварэння патрэбнага яму заканадаўства і кантролю над ім.

Увогуле, вяршэнства права вызначае, як грамадства, асобныя людзі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады ставяцца да права.

Права для іх —  каштоўнасць, права для іх тое, чаму яны падпарадкоўваюцца, тое, што кіруе ўсімі працэсамі ў краіне.

Трэба разумець, што вяршэнства права — гэта зусім не тое становішча дзяржавы і права, якое магчыма ўключыць нейкім пераключальнікам. Вяршэнства права існуе праз яго інстытуты, праз давер юрыстаў, грамадства, дзяржавы да права, праз адпаведную адукацыю юрыстаў і дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта сапраўды нешта накшталт грамадска-палітычнай традыцыі існавання дзяржавы, грамадства і чалавека. Давайце разбяромся, з якіх элементаў складаецца вяршэнства права. Першы элемент— законнасць.

Элементы вяршэнства права

Законнасць, дарэчы, здаецца, самы звыклы для беларускага вуха элемент вяршэнства права. Законнасць — гэта пра тое, што законы павінны быць законнымі, то бок адпавядаць нейкай іерархіі нарматыўных актаў, а нарматыўныя акты павінны выконвацца тымі, каго яны датычацца. Але на гэтым падабенства агульнапрызнаных канцэптаў з беларускай мадэллю скончваецца.

Законнасць — гэта, па-першае, выкананне законаў усімі ў дзяржаве — і грамадзянамі, і чыноўнікамі, і суддзямі, і прэзідэнтамі

Законнасць —  гэта таксама аб тым, што працэдура прыняцця законаў павінна быць законнай, то бок яны прымаюцца выбраным парламентам ў адпаведнасці з уведзенай працэдурай.

Прававая вызначанасць — гэта ўвогуле базавая ўласцівасць права. Прававая вызначанасць абазначае, што права ў адпаведных умовах будзе ўжывацца прадказальна і зразумела для ўсіх. І кожны ведае, што пасля такіх дзеянняў будзе такі вынік, а пасля другіх дзеянняў — іншы. Гэта накшталт існавання ўнутранай логікі і сэнсу права. Без прававой вызначанасці нават не магчыма казаць аб існаванні прававой сістэмы — хутчэй гэта будзе нейкая мадэль кіравання бягучымі загадамі і сітуацыйнымі дзеяннямі.

Прававая вызначанасць накладае на дзяржаву абавязак прадказальна прымаць законы, публікаваць іх, зразумела фармуляваць правілы

Асабістае патрабанне -  не ўстанаўліваць правілы, якія мяняюць наступствы тых дзеянняў, якія ўжо зроблены. Дарэчы, гэтыя патрабаванні датычацца таксама і судовых рашэнняў - менавіта з пункту гледжання прававой вызначаннасці судовыя акты павінны быць даступныя ўсім.

Забарона на свавольства азначае, што дзяржава і дзяржаўныя органы могуць дзейнічаць толькі ў межах дадзенай правам кампетэнцыі. Іншымі словамі, усё, што не дазволена, тое забаронена. А тое, што дазволена, павінна выконвацца. Гэта значыць, што калі ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе напісана, што пракурор можа распачаць крымінальную справу на падставе артыкула ў сродках масавай інфармацыі, то ў яго няма суб'ектыўнага права адмовіцца ад гэтага. Калі інфармацыя ёсць і дазваляе зрабіць выснову аб злачынстве, пракурор абавязаны распачаць справу. У супрацьлегласць у адносінах да чалавека дзейнічае зусім іншы прынцып — дазволена ўсё, што не забаронена.

Захаванне правоў чалавека. Трэба разумець, што правы чалавека, хаця і моцна звязаныя з вяршэнствам права, супадаюць не цалкам, таму павага да іх выдзяляецца ў асобны прынцып.

То бок, вяршынства права - гэта аб тым, як права працуе, а правы чалавека - гэта куда грамадства рухаецца

Такім чынам пры вяршынстве права без правоў чалавека мы можам атрымаць Германію трыццатых- саракавых гадоў, у якой эфектыўна працуючае права было ўжыта для здзейснення масавых злачынстваў супраць чалавечнасці.

Недыскрымінацыя і роўнасць перад законам. Гэты прынцып крыху падобны да законнасці, але падыходзіць да роўнасці перад законам з іншага боку. Законы не павінны нейкім чынам уводзіць розныя правілы для розных груп людзей, пазбаўляць правоў альбо ўводзіць абавязкі без прававога абгрунтавання рознага стаўлення да розных людзей. Увогуле, антыдыскрымінацыя — гэта вялізная тэма, якую трэба разбіраць асобна.

Таму падпішыцеся на канал, а яшчэ праходзьце адукацыйны курс на сайце vybar.org

Як вы ўжо зразумелі, вяршэнства права — гэта асобная мадэль існавання дзяржавы, грамадства і чалавека. Калі галоўным у гэтым упарадкаванні з'яўляецца дзяржава, калі грамадства згаджаецца аддаць ёй усе пытанні існавання на адпаведнай тэрыторыі, то права ператвараецца ў інструмент кіравання грамадствам і людзьмі з боку дзяржавы. У такім выпадку асноўнае, што патрэбна дзяржаве, каб насельніцтва ведала законы, выконвала абавязкі і ведала аб сваёй адказнасці. Калі ў грамадстве вяршэнства права, то ў першую чаргу гаворка ідзе пра абмежаванне ўлады дзяржавы і падпарадкаванне дзяржавы праву. У гэтым выпадку права з'яўляецца самастойнай каштоўнасцю, належыць грамадству і дзяржава ўсяго толькі адзіны з актараў, якія кіруюцца правам.

З гэтага ўсяго вынікае асобная роля незалежнага суда пры вяршынстве права. І ў гэтым сэнс аддзялення суда ад іншых органаў улады.

Суд — гэта орган абароны і прымянення права, якое належыць зусім не дзяржаве, а грамадству

Гэта асноўная функцыя суда. Вядома, што яна ажыццяўляецца ў фармаце разгляду розных спрэчак, але першасным вынікам існавання суда з'яўляецца абарона вяршэнства права, а не проста разгляд спраў.

Суд у грамадстве з вяршэнствам права — гэта элемент вяршэнства права, ягоныя галава і рукі. Суд мае кампетэнцыю паправіць выканаўчую ўладу, калі яна нешта зрабіла не так. Суд нават мае магчымасць паправіць заканадаўчую ўладу, калі разглядае адпаведнасць закона Канстутыцыі. І калі вяршынства права абмяжоўвае ўладу дзяржавы, то суд, як элемент вяршынства права, павінен быць цалкам незалежным ад астатніх дзяржаўных органаў.

І адсюль  вырастае канцэпцыя належнай прававой працэдуры як адной з самых істотных гарантый вяршэнства права і выканання правоў чалавека.

Сутнасць гэтай гарантыі заключаецца ў тым, што правы чалавека могуць быць абмежаваныя толькі ў справядлівай судовай працэдуры, а калі яны былі абмежаваны дзяржаўнымі органамі, чалавек павінен мець магчымасць абскардзіць такое абмежаванне ў справядлівай судовай працэдуры. Справядлівая працэдура азначае разгляд незалежным, кампетэнтным органам, з магчымасцю быць заслуханым, давесці сваю пазіцыю, быць прадстаўленым незалежным адвакатам, які ажыццяўляе свае функцыі без пагроз пераследу.

І трэба адзначыць, што належная прававая працэдура — гэта базавая, фундаментальная частка канцэптаў вяршынства права. Без магчымасці звароту ў незалежны кампетэнтны орган не будзе працаваць ніякая частка вяршынства права, а само права ператварыцца ў інструмент выканаўчай улады.

Дадаткова

Інтэрв'ю з Кацярынай Дзяйкала

Права шырэй за закон!

Вяршэнства права

Кацярына Дзяйкала

кейс-стадзi

Вяршэнства права з’яўляецца фундаментальным прынцыпам ў большасці сучасных дэмакратый. Судовая ўлада, якая прымяняе закон да асобных выпадкаў, выступае абаронцам вяршэнства права.