Модуль

5

Выбары як працэс

~ 7 хвiлiн

Прынцыпы

Вы ўжо ведаеце, што выбары — гэта аснова дэмакратыі. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека вызначае пяць асноўных перадумоў выбарчай дэмакратыі: перыядычныя і сапраўдныя выбары, усеагульнае і роўнае выбарчае права і таемны характар галасавання.

выбары — гэта аснова дэмакратыі

Выбары — гэта самы распаўсюджаны спосаб удзелу грамадзян у палітычным жыцці і найбольш легітымны спосаб набыцця ўлады.

З дапамогай выбараў фарміруюцца парламенты, органы мясцовага самакіравання, абіраюцца кіраўнікі дзяржаў.

Важна зразумець, што выбары — гэта працэс, і ён не абмяжоўваецца галасаваннем у дзень выбараў.

Калі вы яшчэ не ведаеце пра гэта, прайдзіце нашыя модулі па дэмакратыі і выбарах.

Выбарчы працэс

Выбарчы працэс на агульным узроўні дзеліцца на тры асноўныя перыяды:

Перадвыбарчы перыяд

Дзень выбараў

Паслявыбарны перыяд

Грамадзянская адукацыя і дзейнасць палітычных партый

Так, у перадвыбарчы перыяд адбываецца стварэнне акругаў, участкаў, прызначэнне або выбар сябраў выбарчых камісій, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў, акрэдытацыя назіральнікаў, рэгістрацыя выбарцаў і складанне спісу выбарцаў, выбарчая агітацыя і адукацыя выбарцаў, друк бюлетэняў, прыцягненне і расходаванне сродкаў на выбарчую кампанію.

У дзень выбараў адбываецца галасаванне, падача скаргаў, падлік галасоў, апублікаванне вынікаў, назіранне.

У паслявыбарны перыяд праводзіцца абагульненне вынікаў выбараў з участкаў, падача выбарчых скаргаў і іх разгляд, разгляд парушэнняў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, заняцце абраных пасад.

Варта адзначыць, што выбарчы цыкл не мае фіксаваных пачатковых і канчатковых кропак. Некаторыя элементы, такія як грамадзянская адукацыя і дзейнасць палітычных партый, перасякаюць увесь цыкл.

Кампаненты выбараў

Ці ёсць нейкія больш ці менш важныя кампаненты? Большасць ведае, наколькі важны падлік галасоў. Бюлетэні, па якіх ясна бачная воля выбарцы, трэба прызнаваць сапраўднымі. Павінна быць забяспечана празрыстасць усіх аспектаў падліку галасоў.

Празрыстасць выбарчага працэсу і давер да яго вынікаў можна павысіць, калі пратаколы з вынікамі галасавання будуць вывешвацца звонку выбарчага ўчастка пасля завяршэння падліку галасоў, а падрабязныя вынікі галасавання па выбарчых участках будуць публікавацца ў Інтэрнеце.

Апрацоўка вынікаў павінна ажыццяўляцца адкрыта і паддавацца праверцы на ўсіх этапах — ад выбарчага ўчастка праз усе прамежкавыя ўзроўні выбарчых органаў да Цэнтральнай выбарчай камісіі. Трэба забяспечыць своечасовае абнародаванне вынікаў.

Любая неабгрунтаваная затрымка ў аб’яўленні вынікаў галасавання можа спарадзіць сумневы ў сумленнасці працэсу і падарваць давер насельніцтва да выбараў.

Але ці магчымы такі эфектыўны падлік без непрадузятых і прафесійных выбарчых камісій? Арганізацыя і правядзенне выбараў павінны ажыццяўляцца аўтаномна, без урадавага ці іншага ўмяшання. Камісіі павінны дзейнічаць адкрыта, ў адпаведнасці з законам, павінны валодаць неабходнымі кампетэнцыямі, быць адданымі сваёй справе і выконваць свае абавязкі эфектыўна і непрадузята. Бесстароннасці у працы выбарчых органаў можна дасягнуць шляхам іх фарміравання пераважна на прафесійнай або палітычна-збалансаванай аснове. Асобы у камісіі павінны прызначацца празрыста і не павінны перамяшчацца са сваіх пастоў да заканчэння тэрміну іх паўнамоцтваў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

А ці магчыма ўсё гэта без якаснай працэдуры фінансавання?

Па-першае, камісіі павінны мець дастатковае фінансаванне і іншую дзяржаўную падтрымку, каб працаваць эфектыўна.

Кандыдатам дзяржаўнае фінансаванне павінна выдзяляцца на аснове роўнасці і аб’ектыўных крытэрыяў, такіх як ўзровень падтрымкі кандыдатаў або партый ці вынікі іх удзелу ў папярэдніх выбарах, а таксама аб’ём фінансавых сродкаў, неабходных для правядзення эфектыўнай выбарчай кампаніі.

Дзяржавы могуць устанаўліваць разумныя абмежаванні на памер прыватнага фінансавання палітычных партый і кандыдатаў, каб забяспечыць сумленнае спаборніцтва падчас выбараў і знізіць стымулы для карупцыі і залішняга ўплыву на палітыку.

Дзяржавы павінны патрабаваць ад палітычных партый і кандыдатаў — ўдзельнікаў выбарчай кампаніі перыядычна падаваць інфармацыю аб фінансавых сродках, якія яны атрымалі, і іх крыніцах, а таксама аб расходах падчас правядзення выбарчай кампаніі, і мэтах, з якімі яны былі зробленыя.

На самых першых вядомых выбарах, якія праводзіліся ў Старажытнай Грэцыі, для галасавання выкарыстоўваліся чорныя і белыя каменьчыкі. Рымляне замянялі каменьчыкі глінянымі шарыкамі і выкарыстоўвалі свае шлемы ў якасці урн для галасавання. У першыя дні амерыканскіх калоній выбаршчыкі выкарыстоўвалі рознакаляровыя бабы або кукурузныя збожжа!

Удзельнікі выбараў

У выбарах удзельнічаюць і ўзаемадзейнічаюць розныя зацікаўленыя бакі: выбарчыя камісіі, палітычныя партыі, выбарцы, мясцовыя і замежные назіральнікі і г. д. Напрыклад, назіральнікі могуць стаць эфектыўным сродкам праверкі сапраўднасці вынікаў выбараў.

Прысутнасць назіральнікаў памяншае магчымасці для запалохвання ці махлярства. Нейтральныя аб’ектыўныя назіральнікі могуць таксама выклікаць давер у выбарцаў і не толькі ўзмацніць іх імкненне да ўдзелу ў галасаванні, але і пашырыць іх магчымасць свабодна выказваць сваю палітычную волю, не баючыся рэпрэсій.

Адмысловую ролю ў перыяд выбараў адыгрываюць паліцыя і сілы бяспекі. Эфектыўнае адпраўленне правасуддзя ў гэты перыяд патрабуе ўстанаўлення раўнавагі паміж неабходнасцю падтрыманне бяспекі падчас выбараў і забячспечванне парадку, неабходнасцю сачыць за тым, каб правы грамадзян не былі парушаныя, і стварэння атмасферы, свабоднай ад запалохвання.

Праваахоўныя органы павінны паважаць і абараняць чалавечую годнасць, падтрымліваць і абараняць правы чалавека ў адносінах да ўсіх асоб. Гэта тычыцца не толькі права чалавека прымаць удзел у выбарах, але і ўсіх правоў чалавека. Праваахоўныя органы, якія не выконваюць асноўныя правы чалавека, патэнцыйна могуць стварыць атмасферу запалохвання, якая будзе уздзейнічаць на выбарцаў і, такім чынам, парушыць прынцып таго, што вынікі павінны адлюстроўваць сапраўдную волю выбарцаў.

Дадаткова

Інтэрв’ю з Юрыем Чаканам

Выбары — унікальная магчымасць раз на чатыры гады дакрануцца да сакральнага працэсу перадачы ўлады

Падсумоўваем

  • Выбары — гэта працэс і сістэма, гэта не толькі адзін дзень

    Так сама важныя перадвыбарчая абстаноўка, адсутнасць адміністрацыйных абмежаванняў або непавагі асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў

  • Выбарчыя кампаненты і зацікаўленыя бакі не стаяць асобна. Яны ўзаемазалежныя, і таму парушэнне аднаго аспекту (напрыклад, недахопы у сістэме рэгістрацыі выбаршчыкаў) можа негатыўна паўплываць на любы іншы, у тым ліку на давер да саміх выбараў і, такім чынам, на легітымнасць абраных асобаў і працэс дэмакратызацыі краіны

  • Тое, што адбываецца на выбарчых участках у дзень выбараў, уключаючы такія парушэнні, як падтасоўка вынікаў галасавання або запалохванне выбаршчыкаў, вядома, адаб’ецца на выніках выбараў

кейс-стадзi

Вяршэнства права з’яўляецца фундаментальным прынцыпам ў большасці сучасных дэмакратый. Судовая ўлада, якая прымяняе закон да асобных выпадкаў, выступае абаронцам вяршэнства права.