Модуль

9

Спаборнасць выбараў

~ 6 хвілін

Прынцыпы

Вострая рыторыка, рэзкая крытыка кандыдатаў, сумневы — гэта праблемы ці неабходная частка сумленных выбараў? Мы ведаем, дзе можна апынуцца, калі спрабаваць зрабіць так, каб усе былі згодныя адзін з адным.

Больш за тое, тэза, што ўсе павінны прытрымлівацца падобных поглядаў на курс развіцця краіны, звычайна прасоўваецца тымі, хто і так знаходзіцца ва ўладзе. Часцей за ўсё яны маюць на ўвазе, што «вы ўсе павінны быць згодныя са мной».

Давайце крытычна асэнсуем, ці можна лічыць выбары момантам яднання ўсяго народу альбо гэта ўсё ж нешта іншае?

Выбары — гэта нязменная частка дэмакратыі. Але гэта далёка не адзіны яе кампанент

Павага да правоў чалавека, вяршэнства права таксама важныя. Пра гэта, дарэчы, мы гаворым у іншых модулях гэтага курса. Не забывайцеся падпісвацца на гэты канал і заходзьце на наш сайт vybar.org.

Дык што ж такое выбары?

У ідэале гэта дэмакратычны працэс, у якім выбарцы і кандыдаты ўдзельнічаюць на роўных падставах. Гэта працэс, параметры якога вызначаюцца законам. Працэс, які мае ў аснове павагу да правоў чалавека і дапамагае іх рэалізоўваць. Інакш кажучы, выбары — гэта працэс, які заснаваны на агульных каштоўнасцях.

Але выбары — гэта і спаборніцтва ідэй і прапаноў таго, як павінна развівацца грамадства. Гэтыя ідэі могуць радыкальна адрознівацца і супярэчыць адна адной. Дзіўна было б чакаць, каб усе былі згодныя, як і куды павінна рухацца грамадства. Мы ўсе розныя. Нашы прыярытэты і каштоўнасці адрозніваюцца. Менавіта дзякуючы таму, што мы такія розныя, у нас ёсць шанец выжыць і развівацца.

Таму няма нічога дзіўнага, што ў выбарах галоўную ролю іграе канкурэнцыя ідэй і людзей, і яна можа быць вельмі вострай

Кандыдаты часам могуць перастаць адрозніваць ідэі і асабістыя якасці сваіх апанентаў. Яны могуць крытыкаваць чалавека, а не ідэі, якія яна ці ён выказваюць. Гэта, канешне, непрыемна. Але як зрабіць, каб канкурэнцыя была цывілізаванай і пры гэтым не адмовіцца ад спаборніцтваў ідэй?

Асноўныя прынцыпы

Адным са спосабаў можа быць павага да прынцыпаў, на якіх заснаваны дэмакратычны працэс. У некаторых краінах існуе палажэнне, што тыя, хто не падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, а менавіта права кожнага ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай, не могуць прымаць удзел у палітычным жыцці. Некаторыя ідэалогіі, а таксама сімвалы, якія яны выкарыстоўваюць, падвяргаюцца забароне. Нават калі нам зразумела, па якіх гістарычных прычынах гэта адбываецца, мяжа паміж абаронай грамадства ад антыдэмакратычных ідэй і цэнзурай можа быць ьвельмі расплывістай.

1. Павага да прынцыпаў, на якіх заснаваны дэмакратычны працэс

Задайце сабе пытанне, ці можна дапусціць да ўдзелу ў выбарах партыю, якая абяцае ў будучыні проста адмяніць выбары? А што, калі партыя не гаворыць пра гэта прама? Ці можна даць выбарцу права абраць дыктатара?

Спосабам абараніць спаборнасць выбараў таксама можа быць павага да заканадаўчай рамкі. Адной з добрых практык з’яўляецца забарона на змяненне менш як за год да выбараў асноўных палажэнняў выбарчага заканадаўства. Да такіх адносяцца выбарчая сістэма (а менавіта спосаб ператварэння галасоў у мандаты), спосабы фармавання выбарчых камісіяў і рэгістрацыя выбарцаў, а таксама межы выбарчых акругаў. Логіка тут простая. Часцей за ўсё менавіта тыя, хто знаходзіцца ў большасці, маюць магчымасць гэтыя правілы мяняць. Калі такія змены адбываюцца незадоўга да выбараў, то іх апаненты проста не будуць мець магчымасці падрыхтавацца. Гэта будзе несумленным спаборніцтвам.

2. Павага да заканадаўчай рамкі

Павага да заканадаўчай рамкі азначае таксама, што павінны быць вельмі сур’ёзныя падставы, каб памяняць правілы пасля таго, як ты выйграў. Трэба паважаць сваіх сапернікаў і пакідаць ім магчымасць перамагчы ў наступны раз.

Трэцім, і, мабыць, найважнейшым, спосабам абараніць спаборнасць выбараў павінна быць павага да свайго саперніка і грамадства ўвогуле. Урэшце, якая б партыя ні ўдзельнічала ў выбарах, яна прэтэндуе на тое, каб прадстаўляць грамадства. У гэтай логіцы важна, што пераможцы кіруюць не толькі ад імя сваіх выбарцаў, але і ў інтарэсах усяго грамадства. Яшчэ некалькі гадоў таму Генеральны сакратар ААН у дакладзе аб сітуацыі з выбарамі ва ўсім свеце адзначаў, што выбары — гэта не толькі тэхнічны або юрыдычны працэс, але і маюць важны палітычны складнік. Ён заклікаў палітыкаў перамагаць велікадушна і прайграваць прыгожа.

3. Перамагаць велікадушна і прайграваць прыгожа

Гэта менавіта тое, пра што гаворым і мы: палітыкі павінны адказна ўзаемадзейнічаць адзін з адным і працаваць у інтарэсах усяго грамадства. Спаборніцтва павінна быць сумленным, а вынікі прымацца нават тымі, хто прайграў.

Дадаткова

Інтэрв'ю з Кацярынай Сныцінай

Мая праца — перамагаць!
І рабіць усё для гэтага!

Спаборнасць выбараў

Кацярына Сныціна

кейс-стадзi

У Кеніі ў 2007г асля абвяшчэння вынікаў выбараў прагучалі масавыя абвінавачванні ў фальсіфікацыі выбараў. Сітуацыя выйшла з-пад кантролю. У кейсе мы разгледзім, чаму выбары, у якіх было вострае спаборніцтва, прывялі да масавага гвалту.