Модуль

4

Выбарчыя сiстэмы

~ 7 хвiлiн

Прынцыпы

Існуюць розныя падыходы да выбараў законных прадстаўнікоў грамадзян дзяржавы. Кожная краіна ў гэтым унікальная, і багата дзе існуюць пэўныя традыцыі, якія могуць налічваць стагоддзі, якім чынам выбіраць дэпутатаў альбо чальцоў заканадаўчых органаў улады.

Выбарчая сістэма — гэта сістэма, згодна з якой у канкрэтнай краіне праводзяцца выбары законных прадстаўнікоў улады

Гэта спосаб пераўтварэння галасоў у мандаты. Выбарчыя сістэмы часта ўплываюць на структуру партыйнай сістэмы ў краіне і нават могуць паўплываць на тое, якім чынам партыі будуць праводзіць перадвыбарчую агітацыю, і на паводзіны палітычных элітаў.

Мажарытарная выбарчая сістэма — гэта сістэма вабараў, дзе выбранымі становяцца кандыдаты, якія набралі большасць галасоў у акрузе.

Такая сістэма добра знаёмая беларусам. Па гэтай сістэме, напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў у кожнай акрузе выбіраецца дэпутат паміж некалькімі канкурэнтамі. У выніку перамагае той, хто набірае большасць у акрузе.

Прапарцыйная выбарчая сістэма — гэта сістэма, дзе мандаты выбарнага органу размяркоўвацца паміж спісамі кандыдатаў, найчасцей партый, прапарцыйна, у залежнасці ад колькасці галасоў, пададзеных за партыйны спіс.

Прапарцыйная выбарчая сістэма можа выкарыстоўваць закрытыя спісы кандыдатаў, калі выбарца проста галасуе за партыю і першыя кандыдаты ў спісе трапляюць у парламент. У прапарцыйных сістэмах уся краіна можа быць адной акругай, а можа быць падзеленая на некалькі асобных акругаў. Прапарцыйная сістэма ўласцівая некаторым суседзям Беларусі, напрыклад Польшчы. Згодна з польскім заканадаўствам, дэпутаты Сейму выбіраюцца там праз партыйныя спісы.

Такім чынам, чалавек, які галасуе, аддае свой голас за канкрэтную партыю. Пры гэтым праз пэўную мадыфікацыю базавай прапарцыйнай сістэмы ўсе партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, маюць спісы ўсіх сваіх кандыдатаў у Сейм, адпаведна партыям альбо кааліцыям, у выбарчым бюлетэні.

Падчас галасавання выбіраецца і партыя, і ставіцца адпаведны знак насупраць прозвішча палітыка, за якога аддаецца голас.

У партыі альбо кааліцыі звычайна ёсць мінімальны парог, які яна павінна перайсці, каб яе сябры трапілі ў заканадаўчы орган. Прапарцыйна вылічаныя месцы ў парламенце азначаюць, што ў орган трапіць столькі кандыдатаў з партыйнага спісу, колькі працэнтаў месцаў заняла адпаведная партыя альбо кааліцыя па выніках галасавання.

Некаторыя краіны спалучаюць абедзьве выбарчыя сістэмы, дзе частка дэпутатаў альбо законных прадстаўнікоў будзе выбірацца па партыйных спісах, а частка — праз непасрэднае галасаванне за кандыдата.

Змешаныя сістэмы у рознай ступені аб’ядноўваюць ў сабе рысы абедзьвюх вышэй названых сістэм. Цікава, что ў змешаных сістэмах могуць прызначацца дадатковыя месцы па прапарцыянальным галасаванні для партыі, якая атрымала дастатаковую колькасць галасоў, каб прайсці ў парламент, але якой не хапае месцаў. У Германіі, напрыклад, да падліку вынікаў дакладна не вядома, колькі будзе дэпутатаў у Бундэстагу.

Рызыкі і перавагі розных сістэм

Шматлікія эксперты па выбарах мяркуюць, што прапацыйная выбарчая сістэма пазітыўна ўплывае на палітычнае жыццё ў краіне адразу ў двух вымярэннях: псіхалагічным і механічым (звязаным з палітычнымі працэсамі), якія цесна злучаныя паміж сабой.

Так, прапарцыянальныя выбарчыя сістэмы прыводзяць, як правіла, да большай разнастайнасці саміх партыяў і нават большаму плюралізму ўнутры партый, у той час як мажарытарная сістэма, наадварот, часта выконвае стрымліваючую ролю ў адносінах да чальцоў партый.

У выніку гэта прыводзіць і да механічнага эфекту, дзе выбарцы не стаяць перад маральнай дылемай, што іх голас, адданы за прадстаўніка меншай партыі будзе «згублены». Прапарцыйныя выбарчая сістэма спрыяе таму, што маленькія партыі трапяць у закандаўчы орган, і такім чынам здымае псіхалагічны ціск на выбарцаў галасаваць «стратэгічна», а не так, як насамрэч хочацца.

Тым не менш мажарытарная выбарчая сістэма таксама мае свае перавагі. Так, дзякуючы гэтай сістэме ў выбарцаў ёсць сувязь са «сваім» дэпутатам, а не з далёкай партыяй. Акрамя гэтага, фарміруецца ўстойлівы ўрад найчасцей з адной партыі, радзей — з кааліцыі. Гэта можа быць важным фактарам асабліва для транзітных дэмакратый. Разам з тым узнікае даволі выразная апазіцыя, якая у тэорыі таксама атрымлівае дастаткова месцаў у закандаўчым органе, каб уплываць на значныя палітычныя рашэнні.

Аднак варта памятаць, што выбарчыя сістэмы будуць функцыянаваць па-рознаму ў розных краінах, дзе сацыяльна-палітычны кантэкст і палітычныя традыцыі таксама будуць рознымі

На эфектыўнасць той ці іншай выбарчай сістэмы ўплываюць наступныя асноўныя фактары:

Наколькі маладой дэмакратыяй з’яўляецца канкрэтная дзяржава

Iдэалагічныя, рэлігійныя, этнічныя, рэгіянальныя, лінгвістычныя і класавыя падзелы ў краіне

Ці ёсць розніца ў падтрымцы партыяў у залежнасці ад рэгіёнаў альбо тэрыторыяў

Наколькі сфарміраваная партыйная сістэма ў краіне

У Польшчы па выніках галасавання бачна, хто з кандыдатаў унутры партыйных спісаў набраў найбольш галасоў.

Яны і трапляюць у заканадаўчы орган згодна з рэйтынгам у сваім патрыйным спісе.

У адрозненне ад закрытых спісаў выбарцы такім чынам могуць уплываць на тое, хто з кандыдатаў будзе мець перавагу ў спісе. Гэты спосаб называецца адкрытымі спісамі.

Інклюзіўнасць у выбарчым працэсе

Адна з галоўных рысаў дэмакратыі — магчымасць самых розных груп грамадства, у тым ліку нацыянальных меншасцяў, быць прадстаўленымі ў органах улады.

Шмат краін маюць асобыя ўмовы для уключэння ў выбарчы працэс нацыянальных меншасцяў. Напрыклад, у Польшчы, для прадстаўнікоў афіцыйна прызнаных нацыянальных меншасцяў — армянскай, беларускай, габрэйскай, літоўскай, нямецкай, рускай, украінскай, чэскай — няма мінімальнага парогу, каб прайсці ў заканадаўчы орган.

Яшчэ адной важнай задачай выбарчага працэсу з’яўляецца ўключэнне жанчын. Праз немагчымасць паўнавартасна абіраць жанчын у заканадаўчыя органы часта крытыкуць мажарытарную выбарчую сістэму, паколькі ў такім галасаванні па-ранейшаму ў розных частках свету з большай верагоднасцю пераможа мужчына, калі яго суперніца з’яўляецца жанчынай.

Іншыя спосабы забяспечыць выбранне законных прадстаўніц-жанчын — квоты ў парламенце альбо квоты ўнутры партый. Істотна, што паводле міжнародных стандартаў выкарыстанне квот ці іншых падобных мераў не лічыцца дыскрымінацыяй.

У Чылі мужчыны і жанчыны галасавлі асобна да 2012 года. Пачалася гэтая традыцыя пасля таго, як жашчынам дазволілі галасаваць на мясцовых выбарах у 1930-х гадах, і працягнулася пазней на агаульнанацыянальных – з 1949 года. І нават пасля афіцыйнай адмены асобнага галасавання ў 2012 годзе ў некаторых месцах практыка падзелу мужчын і жанчын засталася.

Дадаткова

Інтэрв’ю з Арцемам Шрайбманам

Мы яшчэ пабачым росквіт палітычных партый

кейс-стадзi

Вяршэнства права з’яўляецца фундаментальным прынцыпам ў большасці сучасных дэмакратый. Судовая ўлада, якая прымяняе закон да асобных выпадкаў, выступае абаронцам вяршэнства права.