Першым асноўным прынцыпам выкарыстання фінансаў у палітыцы з’яўляецца роўнасць магчымасцяў. Здольнасць палітычных дзеячаў дасягнуць сваёй аўдыторыі не павінна вызначацца толькі іх фінансавымі мажлівасцямі. Неабходна знайсці такое рашэнне, якое дазволіць многім прасоўваць свае канкуруючыя ідэі. Вырашаць будзе ўсё роўна выбарца.
Такім чынам, палітычныя партыі і рухі павінны мець магчымасць атрымліваць фінансавую падтрымку. Ці могуць грамадзяне і юрыдычныя асобы ахвяраваць грошы на палітычныя кампаніі — пытанне адкрытае. Многа што залежыць ад кантэксту. Дарэчы, жаданне падтрымаць тую ці іншую партыю фінансава можна таксама ўспрымаць як праяву свабоды выказвання меркавання. Але ці ёсць свабода слова ў бізнесу ці толькі ў асобных людзей? Цікавае пытанне!
Добрай практыкай лічыцца абмежаваць максімальны памер ахвяравання, каб партыі не сталіся палітычным інструментам бізнесаў ці асобных багацеяў
Вельмі часта партыі, у тым ліку тыя, якія не прайшлі ў парламент, але заручыліся мінімальнай падтрымкай (скажам, у 1% галасоў), атрымліваюць субсідыі ад дзяржавы. Гэта не змарнаваныя грошы, бо яны даюць падставы для абмежавання прыватных ахвяраванняў і дазваляюць забяспечыць пэўны базавы ўзровень роўнасці магчымасцяў. Нават самая маленькая партыя будзе мець мажлівасць хаця б мінімальна распаўсюдзіць свае ідэі.
З іншага боку, добрай практыкай таксама лічыцца абмежаваць максімальны памер выдаткаў падчас выбарчай кампаніі для кожнай партыі. Гэта дазваляе пакінуць прастору для спаборніцтва менавіта ідэй, а не толькі кашалькоў, якія могуць стаяць за імі.
Усё, што мы пералічылі вышэй, патрабуе кантролю.