Прынцыпы
Існуе шмат розных мадэляў дэмакратычнага кіравання ў свеце, і часам лягчэй зразумець дэмакратыю, калі разглядаць тое, што ёю не з’яўляецца.
Дэмакратыя — гэта не аўтакратыя ці дыктатура, калі кіруе адзін чалавек, і не алігархія, калі кіруе невялікая частка грамадства. Дэмакратыя не павінна быць «праўленнем большасці», калі гэта азначае, што будуць цалкам ігнаравацца інтарэсы меншасці.
Дэмакратыя — гэта кіраванне ад імя ўсяго народа, якое адпавядае яго волі
Урадавыя, міжурадавыя і няўрадавыя арганізацыі ўсё часцей падкрэсліваюць, што дэмакратыя не толькі важная сама па сабе, але з’яўляецца значным сродкам для дасягнення іншых мэтаў, такіх як эканамічнае развіццё, скарачэнне беднасці і абарона правоў чалавека.
Дэмакратыя — гэта не ўсё альбо нічога, а хутчэй зменлівы кантынуум. Краіны могуць быць больш ці менш дэмакратычнымі ў цэлым і больш ці менш дэмакратычнымі ў розных аспектах свайго палітычнага і грамадскага жыцця.
Ідэальнай дэмакратыі не існуе
Асноўнымі дэмакратычнымі прынцыпамі з’яўляюцца народны кантроль і палітычная роўнасць. Ва ўсе часы дэмакраты змагаліся, каб народны кантроль над прыняццем грамадскіх рашэнняў быў больш эфектыўным і больш інклюзіўным.
Каб ніхто не падпарадкоўваўся правілам, якія навязаныя іншымі людзьмі, народ павінен мець магчымасць кантраляваць свой уласны лёс.
А палітычная роўнасць азначае, што неабходна ліквідаваць манаполію эліты на прыняцце рашэнняў; пераадолець такія перашкоды, як пол, этнічная прыналежнасць, рэлігія, мова, клас, багацце і іншыя, для роўнага ажыццяўлення грамадзянскіх правоў.
У людзей павінны быць аднолькавыя магчымасці ўплываць на рашэнні, якія закранаюць грамадства.