Як прымаліся Канстытуцыі
Пасля распаду Савецкага Саюзу ва Украіне пачала фармавацца новая дэмакратычная сістэма. Адпаведна па ўсёй краіне ў розных рэгіёнах пачалі ўтварацца палітычныя партыі, якія прадстаўлялі розныя рэгіянальныя інтарэсы і нацыянальныя меншасці. Вынікам стала ўтварэнне вялікай колькасці малых партый, якія ядналіся згодна з рэгіянальнай альбо этнічнай прыналежнасцю.
Першыя парламенцкія выбары ў незалежнай дзяржаве прайшлі па мажарытарнай сістэме, у два туры, дзе пераможца ў адпаведнай акрузе трапляў у Раду – украінскі парламент. Багата прыхільнікаў гэтай сістэмы казала тады, што такім чынам забяспечваецца гарантыя праходжання ў парламент нават невялікіх партый і ў той жа час абмяжоўвалася колькасць партый у парламенце. Таксама лічылася, што дзякуючы такой выбарнай сістэме партыям трэба будзе навучыцца дамаўляцца і фармаваць кааліцыі ўжо перад выхадам у другі тур, каб разам забяспечыць сабе месца ў парламенце. Аднак выбары 1994 года паказалі памылковасць гэтага падыходу. Па-першае, разнастайнасць рэгіянальных інтарэсаў прывяла да таго, што вялікая колькасць выбраных дэпутатаў кіравалася вузкімі патрэбамі сваіх рэгіёнаў, часта звязанымі з канкрэтнай этнічнай групай альбо сектарам эканомікі. Калі парламент утварыўся, там сабралася не менш за 14 партый, што было нашмат больш, чым прадказвалі прыхільнікі мажарытарнай сістэмы. Акрамя таго, праявіўся галоўны недахоп мажарытарных сістэм выбараў законных прадстаўнікоў: партыі атрымлівалі прапарцыйна больш месцаў, чым колькасць галасоў, адданых за прадстаўнікоў партый. Так, Камуністычная партыя, якая набрала 13 адсоткаў галасоў, атрымала 23 адсоткі месцаў у парламенце. У той жа час меншыя партыі, наадварот, не былі прапарцыйна прадстаўленыя ў парламенце.
Па-другое, выбары не прывялі да кансалідацыі партыйнай сістэмы. Большасць партый неахвотна ішла на пагадненні перад другім турам галасавання, паколькі пераацэньвала сваю электаральную падтрымку і была ўпэўненая, што пераможа самастойна.
Па-трэцяе, захаванне аднамандатных акругаў прывяло да таго, што шмат мясцовых функцыянераў альбо мясцовых знакамітасцяў выйгралі выбары без прыналежнасці да якой-небудзь партыі. Як вынік, палова дэпутатаў былі незалежнымі (беспартыйнымі). Вялікая колькасць партый у парламенце і адносна невялікая колькасць сяброў партый прывялі да таго, што фракцыі былі нестабільныя, парламентарыі «вандравалі» паміж партыямі і фракцыямі. У сукупнасці гэта паслабіла адказнасць перад выбарцамі і панізіла статус парламента ў іх вачах. Наступнай праблемай з’явілася тое, што толькі кандыдаты, якія перамаглі абсалютнай большасцю галасоў у тых акругах, дзе яўка перавысіла 50 адсоткаў, лічыліся выбранымі ў парламент. У некаторых акругах выбарцы прагаласавалі супраць абодвух/абедзвюх кандыдатаў/кандыдатак. У выніку гэтых патрабаванняў, для некаторых акруг працэс выбару парламентарыяў заняў больш за два гады, а некаторыя рэгіёны заставаліся не прадстаўленымі. У 1997–1998 годзе ў выніку рэформы змянілася выбарчая сістэма для парламенцкіх і мясцовых выбараў: яна стала змешанай, дзе палова законных прадстаўнікоў выбіралася ў аднамандатных акругах па мажарытарнай сістэме, а палова – па прапарцыйнай з партыйнымі спісамі і трохпрацэнтным парогам праходу ў парламент для партый. Закон 2004 года ўвёў сістэму закрытых спісаў, замацаваўшы такі варыянт прапарцыйнай часткі выбарчай сістэмы Украіны.
У выпадку з Украінай эксперты прыйшлі да высновы, што хаця прапарцыйныя сістэмы часта спрыяюць развіццю партыйных сістэм у пераходных дэмакратыях, мажарытарныя выбары дазваляюць вялікай колькасці партый прайсці ў парламент, пакуль яны яшчэ слабыя і прадстаўляюць у асноўным розныя рэгіёны, што часта з’яўляецца рэчаіснасцю ў новых дэмакратыях, асабліва калі існуюць рэгіянальныя адрозненні. Больш за тое, у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе мажарытарныя выбарчыя сістэмы недастаткова дапамагаюць кансалідаваць партыйныя сістэмы, паколькі выбарцы яшчэ слаба ідэнтыфікуюць сябе з партыямі і выбіраюць незалежных кандыдатаў, якія ў сваю чаргу могуць лёгка змяняць баланс паміж партыямі і дэстабілізаваць заканатворчы працэс. У дадатак мажарытарныя сістэмы даюць значную перавагу тым партыям, якія ўжо маюць вялікую долю прыхільнікаў, як у былых аднапартыйных краінах Афрыкі, Усходняй Еўропы альбо былога Савецкага Саюзу.
У 2019 годзе 450 парламентарыяў былі абраныя на пяцігадовы тэрмін па змешанай прапарцыйна-мажарытарнай сістэме, дзе палова выбіраецца па прапарцыйнай сістэме з закрытымі партыйнымі спісамі ў агульнанацыянальнай акрузе. Парог праходу ў парламент для такіх партый – 5 адсоткаў. Другая палова дэпутатаў Рады выбіраецца ў аднамандатных акругах, дзе перамагае той альбо тая, хто набірае простую большасць галасоў. Новы Выбарчы кодэкс быў прыняты пасля выбараў у снежні 2019 года.