Швейцарыя і даступнасць аб’ектаў і паслуг для людзей з інваліднасцю
У маі 2003 года ў Швейцарыі адбыўся федэральны рэферэндум па народнай ініцыятыве «Роўныя правы для людзей з інваліднасцю». Ініцыятыва прапаноўвала ўключыць у федэральную Канстытуцыю новы артыкул, які гарантаваў бы даступнасць будынкаў і іншых аб’ектаў, а таксама паслуг для людзей з інваліднасцю (ЛЗІ). 35 арганізацый ЛЗІ са жніўня 1998 года па чэрвень 1999 года сабралі 120 тысяч подпісаў. За чатыры гады, якія прайшлі з моманту афіцыйнага прадстаўлення ініцыятывы і да вырашальнага рэферэндуму, прапанову абмяркоўвалі ва ўрадзе Швейцарыі (Федэральная рада) і ў абедзвюх палатах федэральнага парламента (Федеральны сход).
Прапанова была адхілена абедзвюма палатамі ў асноўным па эканамічных меркаваннях. Рэкамендацыя ўрада адхіліць ініцыятыву была разаслана ўсім выбарцам разам з прапановай арганізацый ЛЗІ падтрымаць рэферэндум. Урад сцвярджаў, што «права прамога доступу да будынкаў будзе мець значныя фінансавыя наступствы як для дзяржавы, так і для грамадства». Урад таксама звярнуў увагу, што новы закон аб людзях з інваліднасцю, які быў прыняты практычна аднагалосна Федэральным сходам у снежні 2003 года і які ўступіў у сілу 1 студзеня 2004 года, закранае многія з гэтых пытанняў.
Ініцыятыва «Роўныя правы для людзей з інваліднасцю» мела мала шанцаў на поспех падчас рэферэндуму 18 мая 2003 года. Пры яўцы роўна ў 50% 62% выбарцаў (1,4 млн чалавек) прагаласавалі супраць, а 38% (амаль 900 тыс.) прагаласавалі за. Для таго каб ініцыятыва была прынята, неабходна, каб за яе прагаласавала большасць кантонаў, а падтрымана яна была толькі ў трох з 26 кантонаў.
Аднак гэты прыклад паказвае, што народныя ініцыятывы не проста выносяцца на галасаванне ад аднаго дня да другога. Хутчэй, яны з’яўляюцца часткай доўгатэрміновага працэсу, які можа заняць да дзесяцігоддзі.
У Швейцарыі прымаецца менш за адну з дзесяці ініцыятываў. Тым не менш у многіх выпадках парламент ідзе насустрач ініцыятыве і выходзіць са сустрэчнай прапановай. Нягледзячы на прагрэс у тэме ў 2023 годзе аб’яўлена новая народная ініцыятыва «Інклюзіўнасць», якая зноў накіравана на змяненне ўсё таго ж артыкула Канстытуцыі і забеспячэнне даступнасці аб’ектаў і паслуг для людзей з інваліднасцю. Збор подпісаў мусіць быць скончаны ў кастрычніку 2024 года.