Кейс-стадзi

Выбары ў Гамбіі

унікальнаЯ сістэма галасавання

Выбары ў Гамбіі праводзяцца з дапамогай унікальнай сістэмы галасавання, якая была ўведзена ў пачатку 1960-х гадоў ва ўмовах высокага ўзроўню непісьменнасці ў краіне.

Гэтая сістэма заснавана на выкарыстанні жэтонаў (шарыкаў з празрыстага шкла), якія трэба кідаць у спецыяльныя зробленыя з жалеза барабаны (яны служаць скрыняй для галасавання) для кожнай асобнай партыі/кандыдата. Кожная партыя/кандыдат, што ўдзельнічае ў выбарах, мае барабан, размаляваны ўласнымі колерамі, а таксама партыйны сімвал/фатаграфію.

У дзень выбараў на ўчастку ў кабіне / за шырмай для галасавання ставяць барабаны. Выбаршчыкі, атрымаўшы шарык, праходзяць у кабіну для галасавання. Калі шарык трапляе ў барабан абранай партыі/кандыдата, падаючы, ён трапляе ў званок, гук якога ясна паказвае аўдыторыі на выбарчым участку, што чалавек прагаласаваў. Каб не было чуваць іншых гукаў, пры апячатванні барабана ўчастковыя камісіі насыпаюць на яго дно пясок або пілавінне. Гук нагадвае звон, таму ў дзень выбараў забаронены праезд ровараў у непасрэднай блізкасці ад выбарчых участкаў.

Пасля заканчэння галасавання галасы падлічваюцца шляхам размяшчэння шарыкаў у спецыяльных паддонах (з 200 або 500 адтулінамі). Сістэма дазваляе людзям, якія падлічваюць галасы, хутка вызначыць колькасць шарыкаў у кожным барабане

кампанія

Гэта сістэма выкарыстоўваецца і сёння. Чарговыя прэзідэнцкія выбары прайшлі 4 снежня 2021 года. Папярэдне была праведзена біяметрычная рэгістрацыя выбаршчыкаў, для якой зрабілі фатаграфію і адбіткі двух пальцаў кожнага выбарца.

Было зарэгістравана шэсць кандыдатаў. Міжнародныя назіральнікі адзначылі, што прэзідэнцкія выбары прайшлі ў канкурэнтнай і актыўнай агітацыйнай абстаноўцы. На працягу ўсёй кампаніі свабоды ў асноўным паважаліся, і кампанія была мірнай, без выпадкаў гвалту. Па ўсёй краіне праходзілі масавыя сустрэчы з выбаршчыкамі на вялікіх мітынгах у гарадах ды невялікія на ​​ўзроўні вёсак. Негатыўны ўплыў на кампанію аказалі размеркаванне тавараў і злоўжыванне дзяржаўнымі рэсурсамі. Былі таксама шырока распаўсюджаныя абвінавачванні ў размеркаванні грошай праз стараст вёсак. Дзяржаўнае радыё і тэлебачанне асвятлялі кампанію ў адпаведнасці са сваімі абавязацельствамі. Камерцыйнае тэлебачанне, аднак, дэманстравала значную прадузятасць у адносінах да дзейнага прэзідэнта, даючы яму неправамерную выгаду.

Прававая база таксама празмерна абмяжоўвала свабоду выказвання меркаванняў у Інтэрнэце. Facebook з каля паўмільёна карыстальнікамі быў галоўным форумам для абмеркавання выбараў, фарміраваў палітычны дыскурс онлайн і офлайн. У Facebook і WhatsApp было шмат ілжывай інфармацыі і рыторыкі нецярпімасці. Дэзінфармацыя збівала выбаршчыкаў з панталыку, а рыторыка нецярпімасці звужала прастору для дэбатаў, заснаваных на фактах. У дзень галасавання яўка выбаршчыкаў была надзвычай высокай і дасягнула 89 працэнтаў. Па ўсёй краіне было спакойна. Агульная дзейнасць супрацоўнікаў выбарчых участкаў была ацэнена як вельмі добрая. За галасаваннем і падлікам галасоў сачылі назіральнікі. Давераныя асобы кандыдатаў прысутнічалі на шмат якіх выбарчых участках.

Вынікі выбараў былі абвешчаны вусна старшынёй ЦВК у нацыянальных СМІ.

Вярхоўны суд разглядае любую выбарчую петыцыю, якая аспрэчвае вынікі прэзідэнцкіх выбараў на працягу 30 дзён. Адна петыцыя была пададзена супраць абрання прэзідэнта на падставе меркаваных парушэнняў (подкуп выбаршчыкау, магчымы ўплыў на прызначэнне старшынь выбарчых камісіяў, парушэнні падчас падліку галасоў). Аднак петыцыю падалі з працэдурнымі парушэннямі, і менавіта з гэтай прычыны скарга была адхілена.

Пытанні да абмеркавання

  • 1Што, на ваш погляд, з’яўляецца найбольш вызначальным для таго, каб выбары ў Гамбіі адлюстроўвалі волю выбаршчыкаў?
  • 2Якія з заўваг міжнародных назіральнікаў вы лічыце асабліва важнымі для агульнай ацэнкі выбарчага працэсу?
  • 3Ці палепшылася б сітуацыя з выбарамі ў краіне, калі б Гамбія перайшла да онлайн-галасавання?

Усе каментары ананімны