Кейс-стадзi

Фінансы ў палітыцы суседзяў

Польша

У 2021–2023 гадах грамадскія арганізацыі і асобныя актывісты ў Польшчы падавалі афіцыйныя запыты ў дзясяткі палітычных партый з просьбай даць інфармацыю аб крыніцах ахвяраванняў, якія перавышаюць 10 тыс. злотых (каля 2,5 тыс. долараў ЗША), як таго патрабуе закон. Буйнейшыя партыі выканалі патрабаванні і апублікавалі рэестры вялікіх ахвяраванняў на сваіх вэб-сайтах, але многія меншыя партыі гэтага не зрабілі. Затым актывісты перайшлі да падачы партыям афіцыйных скаргаў, на якія партыя павінна адрэагаваць, перадаўшы запытаную інфармацыю ў суд. Практычна ва ўсіх выпадках партыі не рэагавалі, што дазволіла арганізацыям і асобным актывістам звяртацца са скаргамі на бяздзеянне і парушэнне патрабаванняў аб прадстаўленні інфармацыі, якая ўяўляе грамадскі інтарэс, непасрэдна ў суды. У адказ суды аштрафавалі шэраг партый за бяздзейнасць на запыты інфармацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці і актывістаў, як правіла, вызначаючы грубы характар парушэння.

Чэхія

У Чэхіі закон прадугледжвае, што кожны ўдзельнік выбараў адкрывае асобны банкаўскі рахунак для ўсіх ахвяраванняў і выдаткаў на кампанію. Гэтыя рахункі называюцца публічнымі, таму што кожная транзакцыя — даход або выдатак — адлюстроўваецца ў рэжыме рэальнага часу на вэб-старонцы кандыдата на выбарах. Кожны можа бачыць, што атрымлівае кандыдат і якія выдаткі нясе. Гэта дапамагае грамадзянам задаваць складаныя пытанні палітычным партыям і кандыдатам, а таксама забяспечвае празрыстасць фінансавання кампаніі. Больш за тое, па законе кожная юрыдычная асоба, якая хоча дапамагчы кандыдату ў агітацыі (так званая трэцяя асоба), павінна прайсці рэгістрацыю ў выбарчай камісіі і потым прытрымлівацца лімітаў на свае выдаткі. Вядома, некаторыя людзі ўсё яшчэ спрабуюць абысці правілы, сцвярджаючы, што яны не займаюцца палітыкай, але гэтыя правілы празрыстасці дапамагаюць рэгуляваць палітычныя фінансы.

Малдова

Пытанні палітычнага фінансавання займалі важнае месца ў апошнім цыкле выбарчых рэформаў у Рэспубліцы Малдова. З 2021 года праеўрапейская партыя мае большасць у парламенце і падтрымлівае дзейнага прэзідэнта, абранага ў 2020 годзе. Ужо ў 2021 годзе прэзідэнт Санду адзначыла, што ўзмацненне нагляду за палітычнымі фінансамі з’яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі, асабліва з улікам добра задакументаванай фінансавай падтрымкі асобных палітычных партый расійскімі ўплывовымі асобамі.

Рэформа нагляду за палітычнымі фінансамі праводзілася з 2021 года ў два этапы. Па-першае, існуючыя палажэнні Выбарчага кодэкса былі ўведзены ў дзеянне шляхам перагляду падзаконных актаў і карэкціроўкі ўнутранай структуры Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК). Па-другое, у Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя змены, каб даць ЦВК дадатковыя магчымасці кантролю. У абодвух працэсах галоўную ролю адыгралі арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС).

Выбарчы кодэкс, які дзейнічаў у 2021 годзе, з моманту яго прыняцця ў 2015 годзе ўскладаў кантрольныя функцыі на ЦВК. Аднак ЦВК амаль два выбарчыя цыклы не хацела выконваць гэты мандат. Падраздзяленне па наглядзе было размешчана ў аддзеле фінансавага ўліку, і яму вельмі не хапала патэнцыялу і палітычнай волі для выканання сваіх функцый. Грамадзянскія і міжнародныя назіральнікі неаднаразова падкрэслівалі гэтыя недахопы і адзначалі пытанні палітычнага фінансавання як галоўны прыярытэт выбарчай рэформы. Са зменай урада ў 2021 годзе АГС засяродзілі свае намаганні на адвакацыі ў гэтым плане. Шырокая кааліцыя НДА, якая займаецца празрыстасцю і падсправаздачнасцю ў палітыцы, а таксама вядучая група грамадзянскіх назіральнікаў Promo-LEX публічна заклікалі ЦВК выконваць свае функцыі ў адпаведнасці з законам. Іх намаганням дапамагло прызначэнне аднаго з лідэраў грамадзянскай супольнасці на кіруючую пасаду ў ЦВК у якасці адзінага члена ЦВК, якога мог прызначаць прэзідэнт.

У 2022 годзе выбарчая рэформа сканцэнтравалася на істотным пераглядзе Выбарчага кодэкса. ЦВК падрыхтавала першы праект прапанаваных паправак, які затым быў прадметам публічных кансультацый. Тэма за тэмай папраўкі разглядаліся на пасяджэннях, якія сумесна арганізавалі ЦВК і Promo-LEX. Promo-LEX прадставіла водгукі і засяродзіла свае намаганні на адвакацыі па ўзмацненні наглядных паўнамоцтваў ЦВК. Асноўныя папраўкі заключаліся ў (1) толькі электронным прадстаўленні справаздач аб фінансаванні выбарчай кампаніі, што забяспечвае іх хуткую публікацыю ў машыначытэльным фармаце, (2) патрабаванні прадстаўляць пацвярджальную дакументацыю, напрыклад, кантракты на тавары і паслугі разам з рахункамі-фактурамі фінансавых аперацый, і (3) патрабаванні ад ЦВК правяраць не толькі адпаведнасць рахункаў, але наколькі яны праўдзівыя і дакладна адлюстроўваюць рэчаіснасць. Гэтыя новаўвядзенні яшчэ трэба будзе апрабаваць у будучым выбарчым цыкле. Пры гэтым АГС з улікам іх укладу ў выбарчую рэформу будуць адыгрываць важную ролю ў гэтай ацэнцы як ключавы партнёр для дзяржаўных інстытутаў.

Усе каментары ананімны