Як мы ужо казалі, Калігула быў даволі экставагантным імператарам. Сваё кароткае кіраванне ён пачаў нядрэнна: адмяніў палітычныя суды над так званымі здраднікамі, падняў заробак у арміі, арганізаваў вялікія гульні з гладыятарамі, ўпершыню за доўгі час апублічыў рахункі казны, пачаў будаўніцтва буйной інфраструктуры. Карацей, ведаў, як быць папулярным, і імкнуўся да гэтага. Пасля цяжкай хваробы яго паводзіны змяніліся. Калігула стаў шукаць ворагаў і здраднікаў, падняў старыя паперы з часоў палітычных судоў. Выдаткі на ўласныя патрэбы і іміджавыя праекты (палацы, вялікія караблі і г. д.) значна выраслі. Канфлікт паміж імператарам і Сенатам быў непазбежны.
Сенат за апошнія 10 год прызвычаіўся кіраваць краінай практычна без імператара – папярэднік Калігулы Тыберыюс жыў далёка ад Рыма. Дарэчы, Сенат меў доўгую гісторыю: ён існаваў ад пачатку Рыма і да самага канца імперыі. Ягоная роля мянялася ў залежнасці ад таго, быў Рым манархіяй (на пачатку), рэспублікай (на працягу 400 гадоў) ці імперыяй.
Спачатку ў Сенат патрапілі 100 найвыбітнейшых грамадзян-мужчын. Толькі іх нашчадкі, якіх называлі патрыцыямі, маглі стаць чальцамі Сената. Ён выбіраў каралей, а пазней, калі Рым стаў рэспублікай, консулаў, а таксама часовых дыктатараў на перыяды асаблівых крызісаў. У гэтыя часы ў Сенат ўжо маглі патрапіць і прадстаўнікі «звычайнага народу». Існавалі і дакладныя выбарчыя працэдуры: высоўвання кандыдытаў, выбарчай кампаніі, галасавання і падліку. Галоўным заставаўся маёмасны цэнз: толькі вельмі багатыя маглі стаць сенатарамі. Коней у Сенаце не было.
Калі рэспубліка ператварылася ў імперыю, у Сенаце было ўжо каля 900 чалавек – усё яшчэ толькі мужчын. Гэта не дзіўна – усе хацелі быць там, бо, вырашаючы лёсы краіны, сенатары і пра сябе дбалі вельмі добра. Калі імператары атрымалі большую частку ўлады, Сенату гэта не спадабалася, але ўлада імператараў была эфектыўнай, а ў выпадках празмерна экстравагантных паводзінаў ці буйных памылак ад імператара пазбаўляліся канкурэнты (як, дарэчы, здарылася і з Калігулам). Карацей кажучы, Сенат існаваў, але не быў асноўным гульцом. З пункту гледжання імператараў, гэты орган быў нязручным атавізмам з папярэдніх часоў. Ён быў патрэбны толькі як шырма дэмакратыі, а насамрэч імператар мог прымаць любыя рашэнні і без Сенату.
У гэтых абставінах прызначэнне каня Інцытата ў Сенат выглядае не толькі як спроба да палацаў і корму з золатам дадаць улюбёнаму каню яшчэ і статус сенатара, але і як спроба паказаць сенатарам іх месца і тое, што Калігула насамрэч пра іх думаў.